Кнігаўка

Выдавецтва “Янушкевіч” было адным з самых паспяховых у краіне, пакуль яго не знішчылі ўлады Беларусі. Спачатку Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю забраў тэхніку і заблакаваў банкаўскія рахункі. Пасля працаўнікоў папрасілі тэрмінова вызваліць офіс на Мар’еўскай вуліцы ў Мінску. Калі выдавецтва абвясціла распродаж кніг, чарга з пакупнікоў трымалася некалькі дзён.

Некаторыя кнігі выдавецтва былі прызнаныя дзяржаваю “экстрэмісцкімі”, а кнігарня “Кнігаўка”, якую “Янушкевіч” адкрыў у Мінску 16 траўня 2022 года, закрылася ў той жа дзень: спачатку туды прыйшлі беларускія прапагандысты, а пасля – сілавікі з ператрусам. Уладальніка выдавецтва Андрэя Янушкевіча разам з працаўніцаю кнігарні Настаю Карнацкаю затрымалі. Наста правяла ў зняволенні 23 дні, выдавец – 28.

Пасля вызвалення Андрэй Янушкевіч з’ехаў у Польшчу, дзе цяпер аднаўляе выдавецкую дзейнасць.

Каб зарганізаваць эфектыўную працу выдавецтва, трэба развязаць юрыдычныя пытанні, наладзіць лагістыку распаўсюду беларускіх кніг, сфармаваць новую каманду, сабраць чытачоў, якія сёння ў розных краінах. Развязанне гэтых задачаў у Беларусі заняло ў выдавецтва некалькі гадоў. Цяпер Андрэй Янушкевіч мусіць наладзіць працэс выдання беларускай кнігі наноў. Як выдавец ён добра вядомы беларускаму чытачу, а беларусам, якія апынуліся за мяжою, моцна не стае сваёй кнігі.

Супольна мы можам дапамагчы Андрэю Янушкевічу ды ягонай камандзе разгарнуць дзейнасць выдавецтва ў Польшчы як найхутчэй! З гэтаю мэтаю Беларуская Рада культуры збірае магістрат “Кнігаўка” – аб’яднанне ахвярадаўцаў, гатовых цягам акрэсленага тэрміну акрэсленаю сумаю падтрымліваць развіццё выдавецтва.

УМОВЫ МАГІСТРАТУ

  • Перыяд дзейнасці: 6 месяцаў (22 снежня – 23 чэрвеня).
  • Як стаць удзельнікам магістрату: падпісацца на ахвяраванне на карысць “Кнігаўкі” паводле аднаго з двух тарыфаў падтрымання.
  • Сума спісання: 10 альбо 20 долараў на выбар удзельніка.
  • Рэгулярнасць спісання: штомесяц.
  • Спосаб ахвяравання: плацежная сістэма Stripe.

Тарыф “Прыхільнік/Прыхільніца”

10 долараў за месяц (магчымае разавае ахвяраванне 60 долараў)

Што атрымлівае чалец магістрату:

  • электронны сертыфікат удзельніка магістрату (пры ўмове ўдзелу цягам 6 месяцаў);
  • прыярытэтны доступ да новых выданняў;
  • 10 % зніжкі на ўсе кнігі выдавецтва, якія выйдуць цягам магістрату;
  • удзел у штомесячных стрымах з выдаўцом Андрэем Янушкевічам, дзе ён раскажа пра вынікі.

Тарыф “СуперПрыхільнік/СуперПрыхільніца”

20 долараў за месяц (магчымае разавае ахвяраванне 120 долараў)

Што атрымлівае чалец магістрату:

  • электронны сертыфікат удзельніка магістрату (пры ўмове ўдзелу цягам 6 месяцаў);
  • прыярытэтны доступ да новых выданняў;
  • 10 % зніжкі на ўсе кнігі выдавецтва, якія выйдуць цягам магістрату;
  • удзел у штомесячных стрымах з выдаўцом Андрэем Янушкевічам, дзе будуць прэзентавацца вынікі праекту і планы;
  • эксклюзіўны падарунак ад Андрэя Янушкевіча.

НА ШТО ПАТРЭБНЫЯ ГРОШЫ?

Перадусім на тое, каб пабачылі свет новыя беларускія кнігі. Андрэй Янушкевіч плануе выдаць: “Кароль” Шчэпана Твардаха, “І ўзыходзіць сонца…” Эрнэста Хэмінгуэя, новыя кнігі беларускіх аўтараў Евы Вайтоўскай, Альгерда Бахарэвіча, Валера Гапеева, Аляксандра Кудрыцкага. Выдавецтва таксама вяртаецца да рыхтавання перакладаў серыяў пра Гары Потэра Джоан Роўлінг, “Ведзьмара” Анджэя Сапкоўскага, “Гаспадара Ледзянога Саду” Яраслава Гжэндовіча. Дзякуючы магістрату цягам года змогуць з’явіцца не толькі гэтыя кнігі – іх колькасць вырасце.

Магістрат таксама патрэбны, каб наладзіць распаўсюдніцкую дзейнасць, прасоўванне кніг і іх продаж. Для падтрымання працы выдавецтва патрабуецца:

  • арэнда памяшкання для офісу і пункту самавывазу,
  • аплата паслуг маркетплэйсаў (гандлёвых пляцовак) Allegro і Amazon,
  • арэнда складу і вядзенне складскога ўліку,
  • работнік,
  • бухгалтар,
  • прасоўванне і рэклама.

Наладжанасць працоўных працэсаў дазволіць Андрэю Янушкевічу і ягонай камандзе назапашваць сродкі на новыя кнігі – перадвыдавецкае рыхтаванне і высакаякасны друк. Магістрат таксама дапаможа выдавецтву прыцягнуць да супрацы спецыялістаў сферы з высокаю кваліфікацыяй, якія аказаліся за мяжою.

Previous slide
Next slide

Пасля далучэння да суполкі і падпіскі на магістрат вы атрымаеце мэйл з пацверджаннем плацяжу. Цягам 24 гадзінаў арганізатары дашлюць вам вітальны ліст, які ўтрымлівае інфармацыю пра ўмовы магістрату, як скарыстацца бонусамі чальца суполкі і як выйсці з магістрату. Калі вы не атрымалі ліста ад арганізатараў, напішыце, калі ласка, нам на bielmahistrat@byculture.org

 

Выйсці з магістрату і спыніць ахвяраванні можна ў любы момант. Усе фінансы ў выглядзе ахвяравання атрымлівае выдавецтва і выдаткоўвае іх на развіццё праекту.

© 2022 Беларуская Рада Культуры. Усе правы ахоўваюцца.